Я́ДЗЕРНАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
раздзел ядзернай фізікі, які даследуе структуру атамнага ядра пры невял. энергіях узбуджэння. Асн. задача Я.с. — эксперым. вызначэнне схем узбуджаных узроўняў ядраў і схем іх распаду з далейшым тэарэт. тлумачэннем вынікаў.
Эксперым. даныя (энергіі ўзбуджэння, вуглавыя моманты, цотнасці, час жыцця і інш. характарыстыкі ўзроўняў) атрымліваюцца пры вывучэнні ядзерных рэакцый і распаду атамных ядраў. Тэарэт. Я.с. звязана з рашэннем задачы многіх цел у дастасаванні да нуклонаў у атамным ядры. З-за складанасці задачы карыстаюцца прыбліжанымі метадамі рашэння (мадэлямі), засн. на пэўных фіз. меркаваннях. Найб. часта дапускаюць незалежнасць руху нуклонаў унутры ядра (кожны нуклон мае пэўныя значэнні энергіі, арбітальнага, вуглавога момантаў і інш.), адначасцічнае прыбліжэнне (засн. на існаванні ў ядраў замкнёных абалонак) і калект. мадэль ядра (улічваецца рух нуклонаў, які абумоўлівае змену арыентацыі ядра і формы ядз. паверхні). Абагульненая мадэль ядра, якая ўлічвае калект. рухі нуклонаў, дала магчымасць растлумачыць многія заканамернасці ва ўласцівасцях атамных ядраў. Вынікі даследаванняў па Я.с. выкарыстоўваюцца ў ядз. энергетыцы, радыегеалогіі, нейтронна-актывацыйным аналізе, радыеэкалогіі, радыяцыйнай медыцыне і інш.
На Беларусі даследаванні па Я.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, «Цэнтры ядзерных тэхналогій — Сосны Нац. АН Беларусі» і інш.
Літ.:
Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ. Т. 1—4. М., 1969;
Бор О., Моттельсон Б. Структура атомного ядра: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1971—77.
Э.А.Рудак.
т. 18, кн. 1, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)